BRAND_VADIKA
3 июня 2017

Маладзечанец Вадзім Атадурдыеў прыдумаў і запатэнтаваў ідэю адзення, якое разбіраецца, нібы дзіцячы канструктар: рукавы, манжэты, каўняры, спінкі і іншыя часткі пінжакоў, штаноў, камізэлек, сукенак можна мяняць, ствараючы бясконцую колькасць камплектаў.

«Антыкрызісныя» трансформеры ад VADIKA


Маладзечанец Вадзім Атадурдыеў прыдумаў і запатэнтаваў ідэю адзення, якое разбіраецца, нібы дзіцячы канструктар: рукавы, манжэты, каўняры, спінкі і іншыя часткі пінжакоў, штаноў, камізэлек, сукенак можна мяняць, ствараючы бясконцую колькасць камплектаў. Гэтай вясной у Мінску паспяхова прайшоў першы паказ новай калекцыі маладога дызайнера, якая так і называлася — «Трансформер». Брэнд нашага земляка асабліва вядомы ў моладзевым артыстычным асяроддзі і сугучны з яго іменем – VADIKA. У яго заказвалі сцэнічныя касцюмы ўдзельнікі групы «Litesound», якая ў 2012 годзе прадстаўляла Беларусь на «Еўрабачанні», вядомы музыкант Віталій Варанко, выканаўцы Alen Hit, Turan, Дзіяна Громава, іншыя артысты, бізнесмены, якія імкнуцца падкрэсліць сваю індывідуальнасць, ведаюць толк і ўмеюць насіць дызайнерскае адзенне. І, безумоўна, могуць сабе яго дазволіць…

Пра незвычайныя ўборы, шлях у прафесію і рэалізацыю смелых праектаў мы размаўлялі з Вадзімам у час аднаго з прыездаў у родны горад, дзе жывуць яго мама, сястра, бабуля, сябры і знаёмыя.

Вадзім выглядае вельмі імпазантна, нібы і сам толькі што сышоў у подыуму: белая кашуля, чорныя штаны і камізэлька-трансформер, якая расшчапляецца па лініі швоў. Быццам бы класіка, і адначасова палёт дызайнерскай думкі, смелая канцэпцыя, авангард…

Іголку ўзяў раней, чым ручку

Старэйшай на два гады сястры Вадзіма Марыі пашанцавала: у яе лялек было самае прыгожае і моднае адзенне. А майстраваў яго малодшы брат, які, здавалася, нарадзіўся з іголкай у руках. Нездарма ж яго дзядуля па мацярынскай лініі шыў з фетру мужчынскія капелюшы (некалькі і цяпер захоўваецца ў шафе), а па бацькоўскай – быў вядомым у Ашхабадзе краўцом. Тата Вадзіма – туркмен, ды толькі рос хлопчык без яго — бацькі развяліся. Шыць ён навучыўся значна раней, чым чытаць і пісаць. Больш таго, бабуля паказала яму, як вязаць на спіцах. Але вязаў не шкарпэткі ды шалікі, а невялікія карціны, сюжэт якіх прыдумваў сам. На школьных дабрачынных кірмашах у СШ №11 яны разыходзіліся, нібы гарачыя піражкі. Дарэчы, адна з вучаніц Вадзіма зрабіла сабе імя на падобных вязаных карцінах, якія асабліва папулярныя ў Амерыцы.

Пасля дзевятага класа Вадзім вырашыў пайсці ў каледж. Калі заікнуўся, што хоча навучыцца шыць, мама з бабуляй адгаварылі: не мужчынская гэта справа. Таму запісаўся на токара. У каледжы

асвойваў станкі, а дома па начах сядзеў за сваёй «Чайкай» і натхнёна страчыў новыя «рэперскія» штаны. Яны былі часткай вобразу падлетка, які складаў і чытаў рэп, выступаў у музычнай групе. Новыя штаны, байкі, вятроўкі з’яўляліся ў гардэробе ледзь не штотыдня. Пазней некаторыя з іх увайшлі ў першую калекцыю «Усход сонца», якую рашыўся прадставіць на маладзёжным конкурсе «Арт-Хауз» у гарадскім Палацы культуры, дзе абсалютна неспадзявана для сябе заняў першае месца, атрымаў грашовы прыз і запрашэнне прыняць удзел у конкурсе «Залатыя нажніцы».

Пасля першага курса Вадзім зразумеў, што без дасканалага авалодання швейнай машынкі яму не абысціся. У каледжы пайшлі насустрач, хаця, напэўна, гэта і было насуперак правілам: зранку ён асвойваў такарную справу, а пасля абеду – швейную, быў адзіным хлопцам сярод дзяўчат. «Упершыню за ўсю практыку ў мяне такі выпадак: вучыў токара, а атрымалася швачка», — жартаваў майстар вытворчага навучання. А аднагрупнікі жартавалі: «Будзеш на станках іголкі тачыць!» Жарты-жартамі, а ў 17 год Вадзім набраў сяброў і знаёмых для паказу свайго адзення, ствараў вобразы ад ідэй да дэфіле. У камандзе аднадумцаў былі цырульнікі, манекеншчыцы, візажысты, рэкламшчыкі. Прыдумалі і назву — «Беларускае вулічнае
аматарскае аб’яднанне «Нябёсы».

Сукенкі для Надзеі Бабкінай і Іны Афанасьевай

Пасля каледжа па размеркаванні Вадзім год адпрацаваў на вядомым у нашым горадзе швейным галандска-беларускім прадпрыемстве «СОТЕР». Нараўне з жанчынамі-швачкамі выконваў нормы, прасіў ставіць яго на розныя аперацыі, паралельна вучыўся на швейных курсах у Мінску, ствараў новую калекцыю «Ангел-Юліяна», з якой на «Арт-Хаузе» зноў заняў першае месца. Пазней яго перавялі на джынсавую лінію, навучыўся фарбаваць джынс, і гэтыя навыкі пазней вельмі спатрэбіліся яму пры рабоце з беларускім лёнам.

Новай прыступкай у прафесіі стаў Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны універсітэт, дзе наш зямляк асвоіў прафесію мадэльера-канструктара. Павёз з сабой у Віцебск новую швейную машынку «Бразер», грошы на яе сабраў сам. З першага курса ўдзельнічаў у конкурсах, паказах ва ўніверсітэце, у фестывалі «Феерыя лёну» у рамках «Славянскага базару». Прадставіў сваю льняную калекцыю «Лятучая мыш» на «Залатых нажніцах» у нашым горадзе, затым – у Мінску на міжнародным конкурсе «Млын моды», «Новыя імёны» у рамках Тыдня моды. Да слова, на «Млыне моды» Вадзім выстаўляўся чатыры разы, у 2010 годзе яго калекцыю імператрыца адзначыла Чэхія.

Адзенне Вадзіма рэалізоўваў адзін з Віцебскіх салонаў-магазінаў. Удзельнічаў ён і ў стварэнні сцэнічных касцюмаў для спявачкі Іны Афанасьевай, ансамбля «Руская песня» Надзеі Бабкінай.

Па размеркаванні трапіў на ААТ «Світанак» у Жодзіна, аднак, як сам гаворыць, яго крэатыўныя ідэі там не спатрэбіліся, а проста чарціць

лякалы яму не падабалася. Таму чакаў канца адпрацоўкі, як салдат дэмбелю, выкрэсліваў дні ў календары. «Там я зразумеў, як не трэба працаваць, каб быць паспяховым, і гэта таксама вопыт», — шчыра гаворыць мой субяседнік.

«Хачу, каб Маладзечна стала сталіцай моды»

Цяпер Вадзім жыве і працуе ў сталіцы. Ён індывідуальны прадпрымальнік, па яго эскізах адзенне шыюць вопытныя майстры. Ёсць і магазін брэнда VADIKA, праўда, пакуль толькі ў інтэрнэце.

Ён аб’ядноўвае некалькі накірункаў: «Pret-a-porte» — лінія паўсядзённага адзення па памяркоўных цэнах, «Prime» — калекцыя прэміум-класа з дарагіх тканін, з прымяненнем ручной працы. У аснове пакрою – прастата і геаметрыя, колеравая гама ў пераважнай большасці чорна-белая. «Изюминка» дызайнера – трансфармацыя, пры якой амаль кожны элемент адзення з калекцыі можна спалучыць з іншым, мяняючы форму, колер, фактуру тканіны. Вадзім называе сваё ноу-хау «антыкрызісным» варыянтам, калі, купіўшы адзін касцюм, чалавек можа стварыць да дзесятка розных вобразаў. Гэта добрае падспор’е для актыўных людзей, якія часта пераапранаюцца і знаходзяцца ўвесь час на відавоку: змяніў элемент — і ўжо новы касцюм. Што тычыцца кошту, то паўсядзённыя камплекты абыдуцца ў 150 беларускіх рублёў, з больш дарагой тканіны – 600. Разам з аднадумцамі ён распрацоўвае як мужчынскае, жаночае, так і дзіцячае адзенне.

У свае 29 год ён дасягнуў многага, пазіцыянуе сябе не толькі як дызайнера, але і як чалавека, які прыдумвае ідэі, доўгатэрміновыя праекты. Ён вучыць шыць і мадэліраваць адзенне іншых, распрацаваў методыку па навучанні шыццю дзяцей, захапляецца псіхалогіяй, усходняй медыцынай. І марыць ператварыць Маладзечна ў сталіцу моды, ладзіць тут міжнародныя паказы, стварыць платформу для доўгатэрміновых праектаў, якія разлічаны на дзесяткі год.

— Я заўважыў, што пасля кожнага прыезду на радзіму у мяне нараджаюцца цікавыя ідэі. Ні Мінск, ні іншы горад такой творчай падпіткі не даюць, — гаворыць мой субяседнік і прызнаецца, што нават прыгледзеў адзін з пустуючых будынкаў, які мог бы стаць цэнтрам маладзечанскай моды. Магчыма, пакуль гэта ўсяго толькі рамантычны праект. Але хто са знаёмых Вадзіма дзесяць год назад паверыў бы, што ён, звычайны хлопец, які пайшоў вучыцца на токара, будзе ствараць калекцыі адзення і прадаваць яго пад уласным брэндам?

Цяпер у Вадзіма няма неабходнасці штодня страчыць на швейнай машынцы. Аднак цяга да яе засталася, ён называе гэта «творчай ломкай». У
верасні-кастрычніку малады дызайнер плануе прадставіць чарговую калекцыю і абяцае разбавіць чорна-белую гаму рознакаляровымі аўтарскімі прынтамі з батыка. Эксперымент працягваецца…